Польшча застанецца ў агульнаеўрапейскай зоне дзеяння Starlink Roam, а для польскіх карыстальнікаў не будуць уводзіць дадатковых абмежаванняў. Пра гэта паведаміў міністр лічбавых тэхналогій Польшчы Кшыштаф Гаўкоўскі пасля звароту да кампаніі Ілана Маска SpaceX з патрабаваннем не дыскрымінаваць кліентаў з Польшчы.
Раней кампанія планавала з 17 жніўня выключыць Польшчу з еўрапейскай зоны Starlink Roam. У такім выпадку палякі, якія карыстаюцца тэрміналамі за мяжой, мусілі б паведамляць пра паездку і праходзіць дадатковую праверку асобы.
Кшыштаф Гаўкоўскі заявіў, што ў SpaceX пагадзіліся ўключыць Польшчу ў еўрапейскую сістэму на тых жа ўмовах, што і іншыя краіны. Раней да Ілана Маска звярнуўся віцэ-прэм'ер, міністр замежны спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Дыпламат заклікаў спыніць дыскрымінацыю палякаў і прыгразіў перагледзець штогадовыя выплаты ў 50 млн долараў за паслугі Starlink.
Starlink Roam — гэта мабільны тарыф спадарожнікавага інтэрнэту Starlink, які дазваляе карыстацца пераносным тэрміналам падчас паездак і заставацца на сувязі ў краінах, дзе сэрвіс мае актыўнае пакрыццё.
iar/pap/эж